dimhold.by
← Артыкулы

Колькі сабака праходзіць за адну прагулку з чалавекам

Я часта гуляю з Зумам. Гэта мой неўтаймоўны сабака. І мне заўсёды было цікава, наколькі больш ён праходзіць за прагулку, чым я.

Зум практычна ніколі не ідзе побач. Ён кружыць вакол мяне, забягае ўглыб лесу, адыходзіць далёка ўбок, штосьці вынюхвае, потым зрываецца з месца і вяртаецца. Пры гэтым уважліва трымае мяне ў полі зроку.

І вось нарэшце прыйшоў час гэта праверыць.

Пазычыў у сына тэлефон, паклаў яго ў шкарпэтку і прывязаў да ашыйніка Зума. Свой паклаў у кішэню. На абодвух працаваў GPS-трэкер, які запісваў каардынаты раз на секунду. Мы выправіліся ў лес, дзе Зум мог бегаць дзе хацеў.

Вось гэтая прагулка. Пяцьдзясят пяць хвілін за дваццаць пяць секунд.

Першы адказ

Зум прайшоў 5,42 км. Я прайшоў 4,09 км. Гэта на 32,5% больш.

Сярэдняя хуткасць у мяне 4,44 км/г, у Зума — 5,88. Тая самая розніца ў 32,5%, што натуральна: ішлі мы аднолькавы час.

На гэтым можна было б і скончыць. Але самае цікавае пачалося, калі я паглядзеў не на сярэдняе, а на размеркаванне.

Другі адказ, які мне падабаецца больш

Медыянная хуткасць адрозніваецца ўсяго на 16%: 4,44 км/г супраць 5,13.

Значыць, у тыповую секунду прагулкі мы рухаемся даволі падобна. Адкуль жа бярэцца лішняя траціна кіламетраў?

Уся розніца сядзіць у хвастах:

ЯЗум
Медыяна4,44 км/г5,13 км/г+16%
90-ы працэнтыль6,4111,27+76%
99-ы працэнтыль8,4220,22+140%
Пік9,724,6

Я іду роўна. Зум увесь час пераключаецца паміж стаяннем, звычайным крокам і кароткімі паскарэннямі.

Ён стаіць на месцы амаль у дзевяць разоў часцей за мяне. Я стаяў 1% часу, а ён 8,9%. Нюхае. Спыніўся. Штосьці ўбачыў. Пабег. Вярнуўся. Зноў спыніўся.

І 3,8% часу Зум рухаўся хутчэй за 15 км/г. У мяне такіх момантаў не было наогул ніводнага. Я проста іду.

Менавіта гэтыя забегі і даюць лішнія 1,33 км.

Як далёка ён адбягае

Аказалася, не так далёка, як мне здавалася.

Медыяна адлегласці паміж намі — 28 метраў. Далей за пяцьдзясят Зум адыходзіў 16% часу. Максімум за ўсю прагулку — 106 метраў. Але і бліжэй за дзесяць метраў ён быў толькі 19% часу.

Падобна, у яго ёсць свой працоўны радыус, метраў дваццаць-сорак. Унутры яго ён носіцца як хоча, але ўвесь час кантралюе, дзе я.

Асобная гісторыя з вышынёй

Па GPS у мяне выйшла 412 метраў набору вышыні. У Зума — 226. Спачатку гэта выглядала дзіўна: мы ж ішлі побач, за пару дзясяткаў метраў адзін ад аднаго.

Але так уладкаваны GPS. Набор вышыні — гэта сума ўсіх дробных дадатных змен. І такая сума надзвычай адчувальная да шуму вымярэнняў: чым больш прыёмнік дрыжыць, тым больш “пагоркаў” ён сабе налічыць. У Зума трэк аказаўся стабільнейшы. Медыяна колькасці спадарожнікаў 29 супраць маіх 25. Яго тэлефон ехаў на спіне пад адкрытым небам, а мой ляжаў у кішэні, заэкранаваны мной жа.

Значыць, гэтая лічба вымярае не рэльеф, а якасць прыёму. Лічыць набор вышыні па GPS без барометра нельга.

Сам рэльеф на маршруце пры гэтым ёсць: пасля згладжвання відаць, як вышыня падымаецца прыкладна з 25 метраў у пачатку да 45-50 у сярэдзіне прагулкі і затым зноў зніжаецца.

Што ў выніку

Галоўная выснова аказалася цікавейшай, чым я чакаў. Справа не ў тым, што сабака ідзе хутчэй. Ён праводзіць прагулку ў іншым рэжыме: часцей спыняецца, увесь час мяняе хуткасць і час ад часу робіць кароткія забегі да 24,6 км/г.

А я проста іду.

За адну і тую ж прагулку ён намотаў 5,42 км, а я 4,09. Розніца — 1,33 км, або 32,5%.


Анімацыя вышэй пабудаваная па сапраўдных трэках. Каардынаты зрушаныя ў Ціхі акіян адным агульным зрушэннем, а вышыні адлічваюцца ад самай ніжняй кропкі прагулкі. Форма, адлегласці і час захаваныя цалкам, а вось дзе менавіта мы гуляем, ведаць нікому не трэба.